Баршчэўскі, здольны і добры чалавек, шмат у чым блізкі да Гогаля, назваў сябе беларусам, а радзіму — Беларуссю, магчыма, нават занадта настойліва. Ён пяшчотна любіў край, яго паданні, яго людзей.
“Ну, а я?” — падумаў Алесь.
…
— Ты хто такі? — не вельмі ветліва спытаў ён.
— А табе што?
— Ну хто? Паляк? Мазур?
І тут ён пачуў такое, што аж вочы сталі круглыя ад здзіўлення.
— Беларус, — спакойна сказаў хлопец.
— Што-о?
Алесь не мог зразумець, адкуль гэтаму хлопцу стала вядома яго таямніца, ягонае адкрыццё. Але хлопец, відаць, зразумеў пытанне як выгук пагарды.
Алесь не стрымаўся.
— Адкуль гэта ты даведаўся? Гэта ж я адкрыў. Гэта я — беларус.
— Адзін Гаўрыла ў Полацку, — усміхнуўся хлопец. — Тут усе беларусы. А ён адкрыццё зрабіў… Першы… Знайшоўся мне яшчэ — Капернік.
— Але ж я ведаю толькі траіх, якія адказалі мне так. У астатніх няма імя…
Уладзімір Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім.